ВАЕ́ННАЕ СТАНО́ВІШЧА,
спецыяльны прававы рэжым, які ўводзіцца дзяржавай ва ўсёй краіне або ў асобных яе мясцовасцях у надзвычайных абставінах (вайна, рэв. выступленні, стыхійныя бедствы). Выяўляецца ў расшырэнні паўнамоцтваў ваен. улад і ўвядзенні абмежаванняў для насельніцтва. У Рас. імперыі ў 19 ст. рэжым ваеннага становішча ўводзіўся ў кожным выпадку імянным указам цара. У зах. губернях ваеннае становішча дзейнічала ў час паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Заканадаўчы акт Рас. імперыі «Аб мясцовасцях, што аб’яўляюцца на ваенным становішчы», прыняты 30.6.1892, прадугледжваў увядзенне ваеннага становішча толькі на тэр. тэатра ваен. дзеянняў. Аднак яго ўвядзенне шырока практыкавалася і ў час рэвалюцыі 1905—07. 31.7—2.8.1914 ваеннае становішча аб’яўлена ў бел. губернях у сувязі з пачаткам 1-й сусв. вайны. У СССР аб’яўлялася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР, напр., у час Вял. Айч. вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваеннае становішча аб’яўляецца Прэзідэнтам.
А.Я.Сукала.
т. 3, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)